СЛУ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА,

1) удзельнае княства Тураўскай зямлі ў 12—14 ст. Цэнтр — г. Слуцк. Вылучылася ў 1160, калі слуцкім князем стаў Уладзімір Мсціславіч, унук Уладзіміра Манамаха. Канчаткова аформілася ў 1190-я г. Тут княжылі нашчадкі тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. Гэта дынастыя панавала да канца 14 ст. Апошні князь з яе, Юрый, згаданы ў грамаце 1387. У 1320—30-я г. С.к. разам з інш. княствамі Тураўскай зямлі ўвайшло ў склад ВКЛ.

2) Буйное феад. княства ў ВКЛ. Узнікла ў 1395, калі вял. кн. Вітаўт адабраў у кн. Уладзіміра Альгердавіча Кіеўскае княства і даў яму як кампенсацыю Слуцк і Капыль з навакольнымі землямі ў якасці ўдзельнага княства. Да сярэдзіны 15 ст. цэнтрам княства быў Капыль (гл. Капыльскае княства), пасля Слуцк. Нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча, князі Алелькавічы (Слуцкія) валодалі С.к. да 1612. Пасля смерці ў 1612 княгіні Соф’і С.к. перайшло да яе мужа Я.​Радзівіла і заставалася ў родзе Радзівілаў, з перапынкам у 1695—1744, калі знаходзілася ў жаночых нашчадкаў Радзівілаў слуцка-біржанскай лініі, княгінь Нойбургскіх.

С.к. займала тэрыторыю паміж р. Нёман на Пн, р. Лань на З, р. Пціч на У і р. Прыпяць на Пд; уключала гарады і мястэчкі Слуцк, Капыль, Цімкавічы, Грэск, Таль, Пагост, Любань, у 16 ст. — і Петрыкаў. Да 16 ст. яно знаходзілася ў васальнай залежнасці ад велікакняжацкай улады. Кіраваў С.к. князь з дапамогай баярскай рады. У слуцкага князя былі свае васалы — князі, баяры і слугі путныя, якія атрымлівалі за службу (вайсковую і адміністрацыйную) маёнткі. У валасцях кіравалі намеснікі князя. У 16 ст. С.к. паступова ператварылася ў вял. феад. вотчыну, але захавала рысы ўдзельнага княства. Да канца 18 ст. заставалася унікальнай адм.-тэр. адзінкай ВКЛ. З 1507 уваходзіла ў Новагародскі пав. і адначасова захоўвала ў адм., суд. і вайск. структурах свае асобныя ўстановы, якія падпарадкоўваліся слуцкаму князю. У 1791 С.к. скасавана, замест яго створаны Случарэцкі павет.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)